Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей

0 14


			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей
Фота Таццяны Сталяровай, «МВ».

Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей

Гісторыя ўстановы пачалася ў далёкім 1922-м, калі быў пабудаваны першы корпус на 60 коек. І як горад Ліда з 13 тысяч насельніцтва дарос да 100-тысячніка, так і колішняя гарадская бальнічка за стагоддзе пераўтварылася ў сучасную шматпрофільную ўстанову — адну з найбуйнейшых у нашай краіне.

 

Вадзім Трубчык, галоўны ўрач Лідскай ЦРБ:

 

Сумеснымі намаганнямі наш калектыў дасягнуў значных вынікаў. І мы працягваем працаваць, каб медыцынская дапамога была ўсё больш якаснай і даступнай для жыхароў Лідскага рэгіёна.

 

Хачу падзякаваць усім супрацоўнікам за зладжаную работу, асабліва ў перыяд пандэміі. Зараз перад намі паўстаюць ужо новыя задачы. І мы, безумоўна, справімся. Такому з’яднанаму і працавітаму калектыву ўсё па плячы.


			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей

 

Для жыхароў Лідчыны і суседзяў

 

Сёння Лідская ЦРБ — гэта 23 аддзяленні больш як на тысячу ложкаў. Таксама ў яе структуры працуюць паліклінікі, амбулаторыі, дыспансеры, ФАПы, станцыя пералівання крыві, станцыя хуткай медыцынскай дапамогі (усяго каля 30 арганізацый).

 

У Лідскай бальніцы сканцэнтравана высокатэхналагічнае абсталяванне. Тут працуюць два камп’ютарныя тамографы, цяпер рыхтуецца памяшканне для ўстаноўкі новага апарата МРТ. У хірургічным аддзяленні ёсць дзве лапараскапічныя стойкі. Усё гэта дае магчымасць аказваць спецыялізаваную дапамогу жыхарам не толькі свайго, але і суседніх раёнаў. 11 стацыянарных аддзяленняў бальніцы — гемадыялізнае, неўралагічнае для інсультных хворых, траўматалагічнае і іншыя — функцыянуюць як міжраённыя.

 

У лячэбнай сетцы Лідскай ЦРБ працуюць 3 тысячы работнікаў, сярод іх каля 600 урачоў. І вельмі хутка каманду лідскіх прафесіяналаў папоўняць маладыя спецыялісты — выпускнікі медыцынскіх устаноў адукацыі.
			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей

Алена Дапіра, намеснік галоўнага ўрача (па арганізацыйна-метадычнай рабоце):

 

Чакаем 20 урачоў і 35 медыцынскіх сясцёр. Трэба сказаць, што маладым спецыялістам падабаецца ў нас. Многія пасля размеркавання не хочуць з’язджаць, застаюцца ў Лідзе. Наш горад вельмі камфортны для жыцця. А ў бальніцы можна атрымаць добрыя практычныя навыкі і стаць сапраўдным прафесіяналам.

 

Ратаваць тут і цяпер

 

Намеснік галоўнага ўрача Святлана Еўланава паказвае нам бальніцу — старыя і абноўленыя карпусы, дае гістарычны экскурс, расказвае пра планы.
			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей
Бальніца пераўтвараецца з кожным годам. Так, нядаўна тут прайшла маштабная мадэрнізацыя хірургічнага корпуса. Некалькі аддзяленняў пераехалі ў прасторныя, добра абсталяваныя памяшканні.

 

Зараз ідзе работа над праектам васьміпавярховага тэрапеўтычнага корпуса. Будынак размесціцца ў цэнтры бальнічнага двара і будзе злучаны з іншымі карпусамі крытымі галерэямі, што зручна аб’яднае большасць падраздзяленняў «пад адным дахам».

 

Святлана Еўланава:

 

Цяперашняя наша сістэма карпусоў не вельмі зручная, бо паміж імі няма абсталяваных пераходаў. Супрацоўнікам і пацыентам даводзіцца перамяшчацца з корпуса ў корпус проста па вуліцы. Зрэшты, у перыяд каранавіруса такая раскіданасць аддзяленняў нам вельмі дапамагла. Мы маглі стварыць патрэбную ізаляцыю ва ўсіх выпадках, калі гэта было патрэбна.

 

Сёння бальніца працуе ў штатным рэжыме: кожнае аддзяленне, кожны спецыяліст на сваім месцы. А былі перыяды, калі пад кавідныя аддзяленні даводзілася перапрафіляваць тэрапеўтычнае, інфекцыйнае, пульманалагічнае, педыятрычнае, оталарынгалагічнае аддзяленні і нават радзільны дом. Для хворых на каранавірус у першую хвалю 2020 года абсталявалі больш як 300 коек, у другую хвалю — 508. У чырвонай зоне працавалі спецыялісты розных профіляў.
			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей
Святлана Еўланава:

 

Мы разумелі, што хворым патрэбен кісларод, а больш за ўсё кіслародных кропак — у акушэрскім корпусе. Акрамя таго, наш радзільны дом даволі новы і адпавядае ўсім санітарным нормам.

 

Там можна было найлепшым чынам забяспечыць умовы для лячэння пацыентаў з каранавірусам. І мы прынялі важнае рашэнне — аддаць гэты корпус тым, каму ён жыццёва неабходны — хворым на кавід. Узялі на сябе вялізную адказнасць, бо запускалі інфекцыю ў святая святых, але разумелі: мы па-любому ўсё вычысцім і адмыем. А жыцці трэба было ратаваць тут і цяпер. Пазней стала відавочна, што гэта правільнае рашэнне. Іншыя ўстановы краіны таксама пайшлі па такім шляху.

 

Усяго ў Лідскай бальніцы было абсталявана 155 кіслародных кропак. На базе лабараторыі серадыягностыкі быў адкрыты ПЦР-аддзел, што дазваляла вельмі хутка рабіць неабходныя аналізы. Зараз ён таксама дзейнічае як міжраённы. Такім чынам, экстрэмальную сітуацыю лідскія ўрачы здолелі перавесці ў кантралюемы рэжым. Працавалі складана, але зладжана і, што самае важнае, бралі адказнасць і прымалі важныя аператыўныя рашэнні.

 

У сувязі са 100-годдзем Лідскай ЦРБ, а таксама за шматгадовую плённую работу і высокі прафесіяналізм галоўны ўрач Вадзім Трубчык, намеснік галоўнага ўрача (па медыцынскай частцы) Святлана Еўланава і загадчык кардыялагічнага адзялення Ірына Коранева ўзнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».

 

Амаль палова аперацый — лапараскапічныя

 

Адно з самых вялікіх аддзяленняў Лідскай ЦРБ — хірургічнае. Калектыў складае 46 чалавек.

 

Аляксандр Сінкевіч, загадчык:

 

У нас вельмі вопытная каманда. Толькі ў аднаго дзённага хірурга першая катэгорыя, у астатніх — вышэйшая. Усе дзяжурныя хірургі таксама з першай катэгорыяй.


			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей
Сёння ў аддзяленні 70 ложкаў, у тым ліку 10 анкалагічных і 15 нейрахірургічных. Урачы аказваюць адначасова і экстраную, і планавую дапамогу (аператыўная актыўнасць дасягае 80 %).

 

Летась у аддзяленні было зроблена 1 200 аперацый, годам раней — 1 400. Каля 45 % усіх аперацый (а на органах брушной поласці больш як 86 %) — лапараскапічныя.

 

Тут даўно і паспяхова робяць высокатэхналагічныя ўмяшальніцтвы. У многіх складаных выпадках жыхарам Ліды і суседніх раёнаў не трэба ехаць у Гродна, дапамогу можна атрымаць на месцы. Першая лапараскапічная стойка адпрацавала 15 гадоў. Цяпер, пры пераездзе ў абноўлены корпус, лідскія хірургі атрымалі новую лапараскапічную стойку. Зрэшты, і старая яшчэ паслужыць. Для яе набылі новы інструментарый, расходнікі. Гэта значыць, аказваць хірургічную дапамогу будзе яшчэ прасцей.

 

Аляксандр Сінкевіч:

 

Якасць жыцця пацыентаў пасля лапараскапічнай аперацыі не мяняецца, часам нават нябачна праколаў. Такая аперацыя менш траўматычная, скарачаецца час знаходжання пацыентаў у бальніцы. Здараецца, што чалавека адпраўляем на амбулаторнае лячэнне ўжо на другі дзень пасля аперацыі.

 

«Штучная нырка» для паўнавартаснага жыцця

 

Сёлета адзначыць 25-годдзе аддзяленне праграмнага гемадыялізу Лідскай ЦРБ. Гэта ці не старэйшае гемадыялізнае аддзяленне ў краіне, адкрытае на базе раённай бальніцы.
			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей
Гемадыяліз, ці апарат «штучная нырка», — панацэя для людзей з хранічнай нырачнай недастатковасцю. Ён дае магчымасць жыць. Альтэрнатывай гемадыялізу можа быць толькі перасадка ныркі.

 

Пётр Кашчыц, загадчык аддзялення:

 

Штогод на перасадку адпраўляюцца 6–8 нашых пацыентаў. Сёлета донарскую нырку атрымалі ўжо 2 чалавекі. Шасцёра знаходзяцца ў лісце чакання. А многія пацыенты не рашаюцца, тройчы на тыдзень праходзяць у нас гемадыяліз (сеанс доўжыцца 4–5 гадзін). Цяпер сярэдні ўзрост нашых пацыентаў — 59 гадоў (раней было 47–48). Дарэчы, старэйшай нашай пацыентцы ў ліпені споўніцца 91 год (на гемадыялізе з 2017-га).

 

У новым корпусе абсталявана 6 дыялізных месцаў, аддзяленне працуе ў 4 змены (тройчы на тыдзень ёсць начная змена). Штодня дапамогу тут атрымліваюць пацыенты з вострай і хранічнай нырачнай недастатковасцю. Эктракарпаральныя метады дэтаксікацыі прымяняюцца і ў шэрагу іншых выпадкаў.

			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей

Пётр Кашчыц:

 

Падчас пандэміі наш апарат стаяў у рэанімацыі, мы дапамагалі кавідным хворым. У аддзяленні таксама быў абсталяваны фільтр. Калі ў кагосьці з нашых пацыентаў было падазрэнне на каранавірус, яму выдзялялі асобную змену, для яго быў асобны ўваход. Важна, што дапамога людзям не спынялася ні на адзін дзень.

 

Аддзяленне гемадыялізу працуе не толькі для лідчан, сюды прыязджаюць пацыенты з 7 бліжэйшых раёнаў. Хто можа, дабіраецца сам. За тымі, у каго такой магчымасці няма, прыязджае бальнічная машына, а пасля гамадыялізу адвозіць дамоў.

 

Пётр Кашчыц:

 

Бывае, нам тэлефануюць жыхары іншых абласцей, хочуць прыехаць у Ліду ў госці і пытаюцца, ці могуць трапіць на гемадыяліз у наш цэнтр. Мы не адмаўляем. А ўвогуле ў свеце вельмі развіты дыялізны турызм. Дзякуючы яму людзі могуць падарожнічаць. Галоўнае, каб недзе побач быў гемадыялізны цэнтр, дзе можна замовіць некалькі сеансаў.

 

У нас, напрыклад, праходзілі гемадыяліз грамадзяне Казахстана, Германіі, Расіі. Ім спадабалася: чыстыя светлыя пакоі і медыцынская дапамога на высокім узроўні. Нават у старым будынку мы стараліся прыстасаваць для пацыентаў лепшыя пакоі. А тут тым больш.


			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей

Малаінвазіўныя метады для дзяцей

 

Дзіцячаму хірургічнаму аддзяленню Лідскай ЦРБ ужо больш як 30 гадоў. Профілі — дзіцячая хірургія, уралогія, чэрапна-мазгавая траўма, тэрмічныя апёкі. Паколькі дзіцячыя хірургі ёсць яшчэ толькі ў Гродне, лідскае аддзяленне прымае пацыентаў з экстранай і планавай паталогіяй з прылеглых раёнаў.

 

Лячэнне тут штогод атрымліваюць 1 200–1 300 дзяцей ад нараджэння да 18 гадоў. Выконваецца 620–680 аператыўных умяшальніцтваў, у тым ліку з выкарыстаннем лапараскапічных метадаў.
			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей
Юрый Якоўчык, загадчык аддзялення:

 

Стараемся ўкараняць сучасныя метады лячэння і абследавання дзяцей. Захоўваем пераемнасць у рабоце з дзіцячымі амбулаторна-паліклінічнымі падраздзяленнямі ЦРБ, з установамі абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

 

Дарэчы, сам Юрый Паўлавіч кансультуе пацыентаў з хірургічнай і ўралагічнай паталогіяй ва ўсіх педыятрычных аддзяленнях стацыянара, а таксама вядзе адпаведны прыём у дзіцячай паліклініцы.

 

Бачыць, чуць і дыхаць напоўніцу

 

Як міжраённае працуе і аддзяленне оталарынгалогіі. Яго магутнасць 40 ложкаў (у тым ліку 10 для дзяцей). Аператыўная актыўнасць вельмі высокая: у дакавідныя часы ў дачыненні да дзяцей праводзілася да 90 % аперацый (дарослых — да 80 %).

 

У апошнія 2 гады аддзяленне оталарынгалогіі вяло сапраўдную бітву з каранавірусам. Зараз яно пераехала ў абноўлены хірургічны корпус, а раней размяшчалася ў асобным будынку, дзе была магчымасць стварыць чырвоную зону. Падчас пандэміі агулам каля года аддзяленне дзейнічала як кавіднае. Цяпер урачы працуюць у звыклым рэжыме, колькасць аперацый істотна павялічылася.

 

Як расказала загадчыца Наталля Палонская, тут выконваюць мікрахірургічныя ўмяшанні на сярэднім вуху (тымпанапластыка, мірынгапластыка), эндаскапічныя ўмяшанні на насавых пазухах і іншыя. А яшчэ лідскія ўрачы мараць пра новы мікраскоп, які дазволіць выконваць высокатэхналагічныя аперацыі. І вельмі спадзяюцца, што не будзе ўжо ніякіх кавідных хваль, а будзе штодзённая дапамога людзям — бачыць, чуць і дыхаць напоўніцу.
			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей

Гатовы прыехаць у любы момант

 

Напэўна, самае маленькае аддзяленне ў бальніцы — эндаскапічнае. Тут размешчаны кабінет каланаскапіі і два кабінеты гастраскапіі, у адным з якіх па пятніцах робіцца бронхаскапія.

 

Аляксандра Марціновіч, загадчыца:

 

Мы выконваем усе віды эндаскапічных даследаванняў, як планавыя, так і экстраныя. Каланаскапій робім 3–4 на дзень. Даследаванне адбываецца пад седацыяй, таму пацыенты на суткі шпіталізуюцца. А гастраскапій праводзім 20–25 штодня, экстраных увогуле не лічым, робім колькі трэба.

 

У буднія дні працуюць усе дактары, а ноччу і на выхадных хтосьці з іх заўсёды дома на тэлефоне, гатовы ў любы момант прыехаць у бальніцу. У кожнага ўрача-эндаскапіста 10 такіх дзяжурстваў на месяц.

 

Аляксандра Марціновіч:

 

У перыяд каранавіруса вельмі часта даводзілася рабіць бронхаскапіі. Асабліва была запатрабавана санацыйная бронхаскапія, калі мы дапамагалі разблакаваць бранхіяльнае дрэва.

 

Аддзяленне эндаскапіі не з’яўляецца міжраённым, але ў Лідскую ЦРБ шпіталізуюць жыхароў розных раёнаў. Адпаведна ўрачы абследуюць усіх, хто мае патрэбу.

 

Месца сілы Ліды

 

Вядома, будучы ў Лідскай ЦРБ, мы не маглі не наведаць радзільню — месца сілы Ліды. Дом, дзе нараджаецца радасць.

 

Загадчыца акушэрскага абсервацыйнага аддзялення Алена Кашчыц паказала нам светлыя палаты, пазнаёміла са сваёй камандай. Невыпадкова тут хочуць нараджаць не толькі лідчанкі, але і жанчыны з іншых раёнаў. Усе рады, што пасля кавіда зноў вярнуліся ў любімы дом.
			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей

Кацярына Пацяюк, маладая мама:

 

Я вельмі ўдзячная і Лідскай радзільні, і ўрачам. Тут нарадзілася маё дзіця — і гэта лепшае, што са мною здарылася.


			Сёлета Лідская ЦРБ адзначае 100-гадовы юбілей
 

Источник: medvestnik.by

Оставьте ответ

Ваш электронный адрес не будет опубликован.